Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што хоча Трамп ад Лукашэнкі? Аналізуем з Кавалеўскім нечаканы званок Трампа і вынікі саміту на Алясцы


Званок Трампа Лукашэнку камэнтуе Валер Кавалеўскі. Каляж
Званок Трампа Лукашэнку камэнтуе Валер Кавалеўскі. Каляж

У жывым эфіры «ПіКа Свабоды» разам з кіраўніком Агенцтва трансатлянтычнага супрацоўніцтва Валерам Кавалеўскім разьбіраемся, чаму прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп пазваніў кіраўніку Беларусі Аляксандру Лукашэнку перад перамовамі з Пуціным на Алясцы.

Падсумоўваем вынікі перамоваў амэрыканскага прэзыдэнта зь кіраўніком Расеі, а таксама ці магчымае вызваленьне ўсіх палітвязьняў бліжэйшым часам.ё

Глядзець размову на відэа цалкам

Тут фрагмэнты гутаркі


— Валер, за 6 гадзінаў да пачатку сустрэчы з Уладзімірам Пуціным на Алясцы з борта самалета Дональд Трамп тэлефануе Аляксандру Лукашэнку і потым у сваей сацсетцы піша, што пагутарыў з Лукашэнкам і абмеркаваў вызваленьне 1300 вязьняў. Ваша вэрсія, чаму гэта адбылося?


— Зьвяртае на сябе ўвагу, што Трамп у гэтым паведамленьні вынес на першае месца менавіта гуманітарную праблему — вызваленьне палітычных вязьняў. Вядома, што Злучаныя Штаты і Рэспубліка Беларусь вядуць перамовы менавіта з фокусам на гуманітарны кампанэнт беларускага крызіса. І тут бачым, што нечакана Трамп паведамляе першым пра гэта, што ён выносіць на першае месца менавіта гуманітарную праблематыку, менавіта вызваленьне палітычных зьняволеных. І гэта як раз падкрэсьлівае і ўмацоўвае вэрсію пра тое, што гуманітарныя перамовы вельмі зручныя для ўсіх бакоў, і для Менска, і для Вашынгтона, бо не выносяцца на першыя радкі геапалітыку, бясьпеку, вайну супраць Украіны, агрэсію... Усё выглядае досыць прымальна, годна, высакародна. Мы тут размаўляем пра лёсы, жыцьці людзей.

Але, на мой погляд, усё ж такі галоўныя тэмы хаваюцца за гэтай гуманітарнай тэмай, і гэта менавіта пытаньне геапалітыкі, сканчэньне вайны супраць Украіны. Лукашэнка ў гэтым сэнсе даволі цікавы для Злучаных Штатаў партнэр, таму што ён мае наўпроставы доступ да Пуціна на сталай аснове. Гэта той чалавек, які найбольш з усіх сусьветных палітыкаў размаўляў з Пуціным, ведае добра яго асаблівасьці, слабыя і моцныя бакі, яго псыхалягічны партрэт. У гэтым сэнсе Лукашэнка можа быць і як крыніцай інфармацыі пра тое, хто такі Пуцін, так і такім вельмі зручным мэсэнджэрам, які можа даводзіць пэўныя пэўныя мэсэджы, пэўныя сыгналы да Пуціна.

— Калі пэўныя мэсэджы, пэўныя сыгналы, нейкае пасланьне, якое за шэсьць гадзінаў да пачатку саміта Дональд Трамп хацеў перадаць Пуціну праз Лукашэнку, якое гэта можа быць пасланьне? А чаму яго нельга было, напрыклад, перадаць раней і не такім каналам?

— Ніхто з нас ня зможа дакладна ведаць, якія сыгналі і ці былі сыгналы. Але тое, што турбуе Лукашэнку ад пачатку вайны супраць Украіны, гэта менавіта пытаньне выжываньня самой Беларусі, як будуць улічаны нацыянальныя інтарэсы Беларусі ў гэтай вайне ці ў дамоўленасьці па заканчэньню вайны. Гэта тое, што Лукашэнка, не саромеючыся, вельмі адкрыта казаў амэрыканскім дэлегацыям, казаў і на адкрытых сустрэчах з беларускімі дыпляматамі, што нам трэба думаць, як забясьпечваць свае інтарэсы... Пытаньне, напрыклад, таго самага перамоўнага працэсу, які мог бы адбыцца ў Менску, што Лукашэнка прапануе неаднаразова. Я думаю, што гэтая тэма таксама патрапіла на радар амэрыканскім дыпляматам і палітыкам.

— Як напісаў аналітык Свабоды Валер Карбалевіч, для Лукашэнкі гэтае тэлефанаваньне — вялізны падарунак, пра які ён наўрад ці нават марыў. Гэта прарыў міжнароднай ізаляцыі. Ці сапраўды прарыў прынамсі на амэрыканскім кірунку?

— Так, адназначна гэта зьяўляецца прарывам у міжнароднай ізаляцыі. Я згодзен з гэтым. Я не згодзен толькі з тым, што гэта падарунак. Гэта ўсё ж такі выглядае як вынік даволі мэтанакіраванай, якаснай працы беларускай дыпляматыі для таго, каб дасягнуць гновых вынікаў, каб дабрацца да Трампа. На сёньняшні дзень Трамп — найбольш запатрабаваны міжнародны палітык, ён здольны сапраўды рабіць нейкія рэчы ў тых сытуацыях, якія ўжо, здавалася б, ніякіх пэрспектыў для зьменаў не маюць. Для Лукашэнкі вельмі важна было да яго дацягнуцца, і ён гэта зрабіў, нават ва ўмовах, калі ў яго вельмі кепскія карты на руках, нават ва ўмовах, калі ён ніжэй за плінтус, за нулявую адзнаку. Ён не прызнаны, ён пад кантролем Расеі, ён суагрэсар у вайне, ён пагроза міру і бясьпецы. І ў гэтых умовах ён здолеў менавіта праз беларускую дыпляматыю дацягнуцца да Трампа і дамагчыся тэлефоннай размовы з Дональдам Трампам. Я лічу, што гэта абсалютна не падарунак, гэта вынік працы беларускай дыпляматыі.

Трамп — гэта складаная фігура з вельмі новымі падыходамі, часам такімі падыходамі, якія незразумелыя ўсім, якія выглядаюць радыкальна, магчыма там з каштоўнасьцямі нешта не тое. Гэта тычыцца таго, як Трамп падыходзіць да заканчэньня вайны, як Трамп дапамагае вызваляць палітычных зьняволеных у Беларусі. Я адчуў, што і ў Беларусі, і ва Ўкраіне ёсьць недахоп надзеі, таго, што хтосьці прыйдзе і дапаможа вырашыць гэтую праблему. Ва Ўкраіне я бачыў гэта падчас кансультацый з дыпляматамі, з экспэртамі, з палітыкамі, яны глядзяць усё ж такі з надзеяй на тое, што Трамп робіць. Так, яны не зусім згодныя. І так вельмі шмат ёсьць засьцярог і трывог датычна Трампа, ці ён не паступіцца інтарэсамі Ўкраіны. Але іншых варыянтаў на сёньняшні дзень няма ва Ўкраіне. Няма іншых палітыкаў сусьветнага ўзроўня, якія браліся б за гэтую справу і былі сапраўды эфэктыўнымі ў гэтым. Тое самае можна сказаць і пра Беларусь. Так, гэта ня самы, скажам так, аптымальны варыянт вырашэньня праблемы палітычных зьняволеных у Беларусі ці спыненьня рэпрэсій і ўвогуле спыненьня ўнутрыпалітычнага крызісу ў Беларусі. Але Трамп — гэта адзіная на сёньняшні дзень сіла, якая гатовая гэтым займацца. Злучаныя Штаты ў прынцыпе.

Напрыклад, ЭЗ заняў вельмі жорсткую, нягнуткую пазыцыю. Яны карыстаюцца інструмэнтамі, якімі карысталіся пяць гадоў, якія ні да чаго не прывялі. Яны чамусьці ўпэўненыя, што наступныя пяць гадоў, калі яны будуць карыстацца тымі самымі граблямі, то будзе нейкі іншы вынік. Іншага выніку ня будзе. Трэба мяняць гэтыя падыходы і ў гэтым сэнсе для беларусаў, для мяне асабіста Трамп — сапраўды той чалавек, які нясе надзею, які дапамагае нам вырашыць праблему. Магчыма не ідэальным чынам, магчыма для гэтага спатрэбяцца кампрамісы, разуменьне таго, што Лукашэнка застаецца ва ўладзе і што, скажам, дэмакратычныя перамены ў Беларусі будуць адкладзеныя ў часе, але тым не менш, што важна, мы захоўваем краіну, мы дапамагаем выйсьці людзям з турмаў, магчыма гэта дапаможа нам таксама спыніць рэпрэсіі. Так што Украіна і Беларусь у гэтым сэнсе маюць падабенства і яны зьвязаны менавіта з фігурай і стылем кіраваньня Трампа.

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG