Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэлянія Трамп напісала Пуціну пра дзеяньні, да якіх датычны і афіцыйны Менск


Мэлянія Трамп
Мэлянія Трамп

Жонка прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа Мэлянія ўзьняла пытаньне аб становішчы дзяцей ва Ўкраіне і Расеі ў асабістым лісьце Ўладзіміру Пуціну, піша Reuters са спасылкай на двух прадстаўнікоў Белага дому. Трамп асабіста ўручыў гэты ліст Пуціну падчас іх перамоваў на Алясцы.

Афіцыйныя асобы, якія размаўлялі з агенцтвам, ня сталі раскрываць зьмест ліста, за выключэньнем згадкі аб выкраданьнях дзяцей падчас поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну.

Паводле зьвестак украінскага боку, Расея незаконна вывезла з Украіны каля 150 000 дзяцей. У сакавіку 2023 Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэры на арышт прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і расейскага амбудсмэна ў справах дзяцей Марыі Львовай-Бяловай. Іх падазраюць у ваенных злачынствах — гвалтоўных дэпартацыях і перамяшчэньні насельніцтва, у тым ліку дзяцей, з акупаваных тэрыторый Украіны. Масква не адмаўляе факт вывазу дзяцей, але тлумачыць гэта пытаньнямі бясьпекі.

Праваабарончыя арганізацыі абвінавачваюць афіцыйны Менск у саўдзеле ў перамяшчэньні, перавыхаваньні і мілітарызацыі ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў. Праваабаронцы ідэнтыфікавалі больш як 2200 дзяцей, якія былі перамешчаныя з акупаваных тэрыторыяў у Беларусь з 2021 па 2024. Некаторых зь іх пазьней зь Беларусі перамясьцілі ў Расею.

Прэзэнтацыя расьсьледаваньня пад назвай «Выкрадзенае дзяцінства: як беларускі рэжым сьцірае ідэнтычнасьць украінскіх дзяцей перамяшчэньнем, перавыхаваньнем і мілітарызацыяй» адбылася летась у Варшаве. Над дакумэнтам працавалі экспэрты з праваабарончых арганізацый: украінскіх — Цэнтру правоў чалавека ZMINA і Рэгіянальнага цэнтру правоў чалавека, а таксама беларускіх — «Вясна» і BelPol.

Вырашальную ролю ў перамяшчэньні, перавыхаваньні і мілітарызацыі ўкраінскіх дзяцей адыгрывае Саюзная дзяржава Расеі і Беларусі, указваецца ў справаздачы. Падкрэсьліваецца таксама актыўная роля грамадзкіх арганізацый, самая вядомая зь якіх — Фонд Аляксея Талая, заснаваны беларускім паралімпійскім спартоўцам.

Праваабаронцы і прадстаўнікі дэмакратычнай апазыцыі Беларусі зьвярнуліся ў Міжнародны крымінальны суд з заклікам выдаць ордэр на арышт Талая. Таксама яны настойваюць на прыцягненьні да адказнасьці Аляксандра Лукашэнкі.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG