14 жніўня 2020 году ў Кіеве група беларусаў і беларусак з ініцыятывы Андрэя Стрыжака ў адказ на гвалт і беззаконьне ў Беларусі вырашыла заснаваць фонд дапамогі рэпрэсаваным. За 5 гадоў праца фонду пашыралася: пачалі займацца не толькі дапамогай, але і эвакуацыяй, дапамогай у перанавучаньні за мяжой, мікрагрантамі для іншых арганізацый. Пра сёньняшнюю працу фонду на ўмовах ананімнасьці Свабодзе распавяла прадстаўніца дырэктарату арганізацыі.
«Фонд ад самага пачатку ствараўся як доўгатрывалы праект, які будзе працаваць на карысьць грамадзтва, нават калі вострая фаза грамадзка-палітычнага крызісу ў Беларусі пройдзе. Нам заўсёды будзе з чым працаваць — рэабілітацыя палітвязьняў, стварэньне гарызантальных сетак грамадзкіх ініцыятыў узаемадапамогі і шмат чаго яшчэ можна рабіць і ствараць і ў Новай Беларусі», — адзначае суразмоўца.
Вынік пяцігадовай працы фонду, дадае яна, гэта больш за 8 мільёнаў эўра сабранай дапамогі — і гэта толькі тыя грошы, якія сабралі самі беларусы, без уліку дапамогі партнэраў.
«Яшчэ мы аказвалі дапамогу з рэсурсаў міжнародных донараў на сотні тысяч эўра. Дзясяткі тысяч чалавек атрымалі дапамогу ад BySol. Мы правялі больш за 2700 кейсаў эвакуацыі, у межах аднаго кейса часта выяжджае больш чым адзін чалавек», — зважае прадстаўніца BySol.
«Лепш данацяць на Каляды, менш летам»
За час існаваньня арганізацыі ў фондзе заўважылі тэндэнцыі, калі зборы праходзяць менш пасьпяхова і калі больш. Самы лепшы сэзон для даната — гэта канец году, што зьвязана з традыцыяй дарыць падарункі на Каляды. А вось лета — не самы спрыяльны пэрыяд, бо гэта час адпачынку, калі людзі радзей чытаюць навіны, расказвае прадстаўніца фонду.
«Данат — гэта заўсёды эмоцыя. Зразумела што цікавыя гісторыі, альбо бяда добра вядомага ўсім чалавека выклікае больш цікаўнасьці і эмпатыі ў людзей. З іншага боку, мы разумеем наколькі важна, каб данаты ішлі і на ананімныя зборы, альбо зборы тых людзей, якіх ніхто ня ведае. Мы вельмі ўсьцешаныя, што ёсьць значная колькасьць тых, што данацяць рэгулярна і на малавядомых людзей» — зважае суразмоўца.
Сёлета ў арганізацыі адзначаюць рост данатаў, хоць часта кажуць пра стомленасьць беларусаў ад палітычнай павесткі.
«У параўнаньні з папярэднім годам колькасьць данатаў вырасла на чвэрць. Падобная сытуацыя і з сумай ахвяраваньняў — мы маем рост у 10% у параўнаньні з мінулым годам. Самы вялікі прырост у нас сярод падпісчыкаў (донараў, у якіх з рахунку аўтаматычна сьпісваецца нейкая сума раз на месяц): у мінулым годзе гэта было 207 чалавек, а ў гэтым мы ўжо маем 315. Таму мы не бачым падстаў казаць пра стомленасьць ці дэмаралізацыю грамадзтва ў пытаньні данатаў», — падсумоўвае суразмоўца.
Самыя буйныя ахвяраваньні, паводле прадстаўніцы фонду, складалі дзясяткі тысяч эўра. Імёны людзей, якія іх рабілі, не агучваюцца. Для арганізацыі важныя ахвяраваньні «на любую суму», бо «фонд устойлівы, калі данацяць тысячы людзей, а не адзінкі».
«Любы крызіс — гэта кропка росту»
У ліпені сузаснавальніка фонду Андрэя Стрыжака абвінавацілі ў рассылцы беларускім актывісткам і праваабаронцам дыкпікаў, а 23 ліпеня адхілілі ад пасады кіраўніка фонду і распачалі ўнутранае разьбіральніцтва. Пакуль цягнецца разьбіральніцтва, фонд ніяк не камэнтуе гэтую сытуацыю, адзначыла суразмоўца. Што да праблемаў, выкліканых гэтай сытуацыяй, то цяперашнюю працу арганізацыі прадстаўніца BySol называе «устойлівай».
«Арганізацыя ўстойлівая і працуе ў штатным рэжыме — эвакуацыя, падтрымка палітвязьняў, арганізацыя збораў. Усе накірункі працуюць і дапамагаюць людзям. На мяжы першага пяцігоддзя сваёй працы фонд поўны моцы і грамадзкай падтрымкі. Нават калі камусьці хочацца адваротнага. Фонд пасьпяхова праходзіць усе стандартныя працэдуры фінансавага кантролю, што прадугледжаны донарскімі і дзяржаўнымі інстытутамі», — зважае прадстаўніца BySol.
Ва ўмовах скарачэньня фінансаваньня трэцяга сэктару ад міжнародных партнэраў перад грамадзтвам стаяць новыя выклікі па падтрымцы беларускіх ініцыятыў, адзначае суразмоўца. І называе тэндэнцыю падтрымкі такіх ініцыятыў станоўчай.
«Ва ўмовах скарачэньня фінансаваньня ад міжнародных донараў, мы маем моцны выклік устойлівасьці грамадзкага сэктара, але ж любы крызіс можа і павінны быць кропкай росту. Мы спадзяемся што беларусы падтрымаюць тыя арганізацыі, што лічаць вартымі, у тым ліку і праз інструмэнты BySol. Як прыклад можна прывесьці рост беларускіх арганізацый, што ўдзельнічаюць у сыстэме адлічэньня часткі падаходнага падатку ў Польшчы і Літве. Штогод расьце колькасьць такіх арганізацый і колькасьць такіх данатаў. Агульная тэндэнцыя — рост сьвядомасьці людзей і разьвіцьцё культуры салідарнасьці», — мяркуе прадстаўніца дырэктарату фонду.
І дадае, што фінансавая падтрымка беларусаў дае арганізацыям трэцяга сэктару магчымасьць большай самастойнасьці і незалежнасьці ў сваіх дзеяньнях.
За 5 гадоў працы фонду былі людзі, якія зьвярталіся ў BySol і засталіся незадаволенымі ягонай працай. Такіх выпадкаў, на думку суразмоўцы, адзінкі.
«Большасьць бэнэфіцыяраў нашай дапамогі задаволеныя, а калі чалавек задаволены, ён рэдка хоча выказацца пра гэта. Але ж тыя адзінкі незадаволеных, што бываюць у любой арганізацыі што аказвае дапамогу, вельмі голасныя і гучныя. Таму такія выпадкі прыцягваюць увагу і мэдыяў, і грамадзтва. Мы ўважліва разглядаем кожны такі выпадак, каб зразумець дзе ўзьнікла праблема, ці былі ў нашай працы памылкі, недапрацоўкі, і апэратыўна ўносім праўкі ў нашую працу, калі яны патрэбныя», — кажа прадстаўніца фонду.
«Супрацьдзеяньне рэжыму — непазьбежны фактар»
BySol беларускія ўлады прызналі «экстрэмісцкай арганізацыяй» яшчэ ў 2021 годзе. За данаты ў фонд у Беларусі прыцягваюць да крымінальнай адказнасьці, ці прымушаюць зрабіць у разы большае ахвяраваньне на карысьць дзяржаўных арганізацый.
Цяпер у Беларусі праходзіць завочны працэс над сузаснавальнікам фонду Андрэям Стрыжаком, якому інкрымінуюць 18 крымінальных артыкулаў. А таксама над іншымі людзьмі, якія ў розныя часы супрацоўнічалі з фондам. Іх вінавацяць, у тым ліку, у «фінансаваньні тэрарыстычнай дзейнасьці» і «прапагандзе тэрарызму».
Прадстаўніца BySol называе перасьлед з боку беларускіх уладаў непазьбежным фактарам працы.
«Мы ўспрымаем супрацьдзеяньне лукашысцкага рэжыма як непрыемны і непазьбежны фактар. З ім складана мірыцца, але ж дакладна няма прычынаў каб спыняць сваю працу з-за супрацьдзеяньня лукашыстаў. Фонд быў створаны як адказ на грамадзка-палітычны крызіс у Беларусі, таму для нас натуральна існаваць ва ўмовах такога супрацьдзеяньня і перасьледу. Гэта той кошт які мы плацім за сваю працу», — адзначае суразмоўца.
На сёньняшні дзень, па словах суразмоўцы, існуе тры асноўныя накірункі працы арганізацыі — гэта эвакуацыя, падтрымка палітзьняволеных, арганізацыя пэрсанальных збораў. Сярод іншага, фонд адкрывае зборы для ініцыятыў і праводзіць конкурсы міні-грантаў.
«BySol працягне сваю працу і будзе разьвівацца як арганізацыя. Кожны крызіс — гэта магчымасьць зрабіць сваю працу яшчэ лепш, памяняцца, адаптавацца, стаць больш дапасаваным да новых выклікаў. Улічваючы ўсе абставіны, што адбываюцца зараз у грамадзтве, мы па-ранейшаму бачым сваю адказнасьць за тую ролю, якую на сябе ўзялі», — дадае прадстаўніца арганізацыі.
Апроч BySol дапамогай рэпрэсаваным і зборам данатаў займаецца таксама фонд ByHelp, агулам за 5 гадоў ім удалося сабраць больш за 16 мільёнаў эўра. Зборамі таксама займаюцца іншыя арганізацыі і ініцыятывы.
Форум