Уладзімір Зяленскі назваў размову з Трампам «зьмястоўнай». Зяленскі падкрэсьліў, што Украіна гатовая максымальна эфэктыўна працаваць для дасягненьня міру. Трамп праінфармаваў Зяленскага аб ключавых момантах сустрэчы з расейскім кіраўніцтвам.
Прэзыдэнт ЗША запрасіў Зяленскага прыляцець у панядзелак 18 жніўня ў Вашынгтон. «Усе дэталі завяршэньня забойстваў, завяршэньня вайны зьбіраюся абмеркаваць з прэзыдэнтам Трампам у Вашынгтоне ў панядзелак. Дзякуй за запрашэньне», — напісаў Зяленскі ў тэлеграме.
Прэзыдэнт Украіны падтрымаў прапанову Трампа аб правядзеньні трохбаковай сустрэчы Украіна-ЗША-Расея і адзначыў, што гэты фармат дасьць магчымасьць абмяркоўваць ключавыя пытаньні на ўзроўні лідэраў. Зяленскі таксама заявіў аб неабходнасьці ўдзелу эўрапейскіх краін на ўсіх этапах для надзейнага гарантаваньня бясьпекі Украіны і адзначыў пазытыўныя сыгналы з боку ЗША адносна гарантый бясьпекі.
Тэлефонная размова «не была простай», піша журналіст Axios Барак Равід са спасылкай на крыніцу. Трамп нібыта паведаміў, што Пуцін не зацікаўлены проста ў спыненьні агню, а настойвае на «ўсёабдымнай дамове» для завяршэньня вайны. «Я лічу, што хуткая мірная зьдзелка лепшая, чым перамір’е», — цытуе Трампа крыніца.
Пазьней, пасьля тэлефоннай размовы зь Зяленскім і эўрапейскімі лідэрамі, Дональд Трамп напісаў у сацыяльнай сетцы Truthsocial:
«Усе вырашылі, што лепшы спосаб спыніць жахлівую вайну паміж Расеяй і Украінай — гэта перайсьці непасрэдна да мірнага пагадненьня, якое пакладзе канец вайне, а ня проста да пагадненьня аб спыненьні агню, якое часта не працуе. Прэзыдэнт Зяленскі прыедзе ў Авальны кабінэт Вашынгтону ў панядзелак днём. Калі ўсё атрымаецца, мы заплянуем сустрэчу з прэзыдэнтам Пуціным».
Аднак Украіна супраць такой пазыцыі: спачатку павінна быць спыненьне агню, а затым перамовы, заявіў дарадца кіраўніка Офіса прэзыдэнта Ўкраіны Лешчанка.
- У тэлефоннай размове з Трампам удзельнічалі кіраўнік Эўракамісіі Уршуля фон дэр Ляен, прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, канцлер Нямеччыны Фрыдрых Мэрц, прэзыдэнт Фінляндыі Аляксандэр Стуб, прэзыдэнт Польшчы Караль Наўроцкі, прэмʼер-міністар Вялікабрытаніі Кір Стармэр, генэральны сакратар NATO Марк Рютэ. З амэрыканскага боку ўдзельнічалі дзяржсакратар ЗША Марка Рубіё і спэцпрадстаўнік Трампа Стыў Уіткаф.
Форум