«Прадуктыўная сустрэча, але ўгоды пакуль няма». На Алясцы прайшла сустрэча прэзыдэнтаў ЗША і Расеі. ВІДЭА

Саміт Трампа і Пуціна на вайсковай базе Эльмендорф-Рычардсан каля Анкорыджу — першая сустрэча паміж расейскім лідэрам і дзейным прэзыдэнтам ЗША з 2021 году. Мэта перамоваў — спыненьне вайны ва Ўкраіне.

Перамовы Трампа і Пуціна працягваліся дзьве гадзіны 45 хвілінаў. Гэтая размова стала іх самай працяглай двухбаковай сустрэчай, піша Bloomberg.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін пачаў прэс-канфэрэнцыю з гістарычнай лекцыі пра Аляску, праваслаўныя храмы і рускія тапонімы. Не абмінуў ён увагай і баявое сяброўства ЗША і СССР у Другой сусьветнай вайне.

Наконт міру з Украінай ён заявіў, што павінны быць ліквідаваныя ўсе першапрычыны крызісу, якімі іх бачыць Расея.

Пасьля гэтага ён хутка перайшоў на тэму паляпшэньня эканамічных стасункаў з ЗША і сказаў, што Расеі і ЗША важна перагарнуць старонку.

Пуцін таксама сказаў, што хацеў пераканаць Байдэна, што ня трэба даводзіць сытуацыю да той стадыі, наступствамі якой будзе вайна. І пагадзіўся з тым, што калі б Трамп быў прэзыдэнтам, то вайны не было б.

Амэрыканскі прэзыдэнт Дональд Трамп выступіў пасьля Пуціна.

Ён быў нешматслоўным.

«У нас была вельмі прадуктыўная сустрэча, мы абмеркавалі многія пытаньні, але мы не змаглі знайсьці поўнага разуменьня, угоды пакуль няма», — сказаў Трамп.

Ён дадаў, што шанец дамагчыся ўрэгуляваньня канфлікту добры. І паведаміў, што сазвоніцца з эўрапейскімі лідэрамі.

Трамп таксама адзначыў, што ў ЗША і Расеі шмат эканамічных супольных інтарэсаў.

Пры канцы кароткай прамовы ён дадаў: «Я спадзяюся, пабачымся наступны раз». Пуцін дадаў: «У Маскве». Амэрыканскі прэзыдэнт не запярэчыў.

Па заканчэньні выступа Трампа і Пуціна прысутныя ў залі журналісты не змаглі задаць ім ніводнага пытаньня.

Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода вяла жывыя эфіры з падзеі.

Эфір Настоящего Времени:

Эфір Украінскай службы Радыё Свабода:

У перамовах з Расеяй удзельнічалі дзяржаўны сакратар Марка Рубіё, міністар фінансаў Скот Бэсэнт, міністар гандлю Говард Лутнік.

У складзе дэлегацыі таксама дырэктар ЦРУ Джон Рэткліф, спэцпасланьнік прэзыдэнта Стыў Уіткаф і іншыя члены яго каманды.

Перад вылетам Трамп напісаў у сацыяльнай сетцы Truth паведамленьне: «СТАЎКІ ВЫСОКІЯ».

Перад сустрэчай на борце самалёта ён заявіў, што яна можа мець «сур’ёзныя наступствы». Паводле ягоных слоў, ён абмяркуе з Пуціным тэрытарыяльныя пытаньні, зьвязаныя з вайной, але канчатковае рашэньне будзе прымаць Украіна.

З расейскага боку, акрамя Пуціна, на Аляску прыбылі міністар замежных спраў Сяргей Лаўроў, памочнік прэзыдэнта Юрый Ушакоў, міністар абароны Андрэй Белавусаў, міністар фінансаў Антон Сілуанаў і спэцыяльны прадстаўнік прэзыдэнта Расеі Кірыл Дзьмітрыеў.

Аналітыкі Амэрыканскага інстытута вывучэньня вайны (ISW) лічаць, што ўключэньне Масквой Сілуанава і Дзьмітрыева ў склад дэлегацыі сьведчыць пра тое, што Расея, верагодна, паспрабуе пераключыць увагу саміту з вайны ва Ўкраіне на патэнцыйныя двухбаковыя эканамічныя пагадненьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 5 фактаў, якія трэба ведаць перад самітам Трампа і Пуціна

Раней у чацьвер, 14 жніўня, Дональд Трамп заявіў, што, на яго думку, прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін у выніку пойдзе на пагадненьне аб Украіне.

«Пагроза ўзмацненьня санкцый супраць Масквы магла паўплываць на тое, што расейскія ўлады ініцыявалі гэтую сустрэчу», — заявіў Трамп у інтэрвію Fox News Radio.

Трамп таксама паведаміў, што саміт у пятніцу стане падрыхтоўкай да наступных такіх перамоваў, каб заключыць пагадненьне. Адначасова кіраўнік Белага дому адзначыў, што патэлефануе для арганізацыі другой сустрэчы прэзыдэнту Украіны Ўладзіміру Зяленскаму, і што ў яго ёсьць тры магчымыя месцы для будучай сустрэчы з Пуціным і Зяленскім.

Трамп дадаў, што калі палічыць пятнічны саміт плённым, то пазьней патэлефануе Зяленскаму і эўрапейскім лідарам. Імавернасьць таго, што перамовы з Пуціным скончацца няўдачай, ён ацаніў у 25%.

Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў заявіў у чацьвер, што было б памылкай спрабаваць забягаць наперад і прадказваць вынікі. Падпісаньне якіх-небудзь дакумэнтаў па выніках расейска-амэрыканскага саміту на Алясцы не плянуецца.

«Не чакаецца, нічога не рыхтавалася, і наўрад ці тут можа быць нейкі дакумэнт», — сказаў Пяскоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Алясцы прайшоў мітынг у падтрымку Ўкраіны напярэдадні сустрэчы Трампа і Пуціна. Фотагалерэя