Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Думаю, нас аддадуць». Жыхары Краматорска і Славянска — пра сваё жыцьцё пасьля сустрэчы Трампа і Пуціна на Алясцы


Краматорск. Кадр з відэа.
Краматорск. Кадр з відэа.

Для мірнага пагадненьня Пуцін, як раней паведамлялі заходнія СМІ, запатрабаваў вывад войскаў УСУ з Данбаса, Кіеў з гэтым ня згодны. На пачатку тыдня стала вядома, што расейская армія зьдзейсьніла амаль рэкордны прарыў, прасунуўшыся на 10 км углыб Данецкай вобласьці.

Украінскі Генштаб заяўляе, што сытуацыю стабілізавалі.

На Данбасе заставаліся некаторыя буйныя гарады, і менавіта там уважліва сочаць за самітам на Алясцы. Распавядае карэспандэнт «Настоящего Времени».

Алена — уладальніца невялікага бізнэсу ў Краматорску. Калі пачалося поўнамаштабнае ўварваньне, яна прыехала ў напаўпусты ад панікі горад, каб даглядаць за старымі бацькамі. Калі сытуацыя стабілізавалася — засталася. Цяпер яна працуе рыэлтарам, кіруе кавярняй, тату-студыяй і барбершопам. Алена шмат ведае пра тое, што адбываецца на фронце. Яна таксама бачыла мапы з магчымымі сцэнарыямі заканчэньня вайны. У большасьці з іх — Краматорск, як і ўся Данецкая вобласьць, адыходзіць пад кантроль Расеі. І хоць украінскі прэзыдэнт і эўрапейскія палітыкі выказаліся супраць такога пляну, Алена кажа, што цяпер двойчы падумала б, ці адкрываць у горадзе новы бізнэс.

«Вось ужо зараз, напэўна, было б страшнавата. Таму што на сёньняшні дзень мы глядзім, што адбываецца, і яно так не радуе. Мы да апошняга верылі-верылі, што ўсё будзе добра. Цяпер ужо проста такая туга. І мы з дзяўчатамі сядзім: ну што, ну што, ну што… пакуль тут… пакуль тут», — кажа Алена.

Пакуль тут таксама адкрытыя сотні крамаў, кавярняў, працуюць кветкавыя крамы, крамы дзіцячых цацак. У так званай Краматорска-Славянскай агламэрацыі (гэта два найбольш буйныя гарады на тэрыторыі Данецкай вобласьці, якую цяпер кантралюе Ўкраіна) працягваюць жыць больш за 10 тысяч дзяцей.

Заставацца астраўкамі цывілізацыі на напалову зьнішчаным вайной Данбасе Краматорску і Славянску дапамагае геаграфія.

Краматорск і Славянск называюць крытычна важнымі для ўкраінскай лініі абароны. Гэтыя гарады — апошні рубеж так званага «пояса крэпасьцяў» УСУ на Данбасе. І гаворка не толькі пра клясычныя акопы ці супрацьтанкавыя равы. Гэтыя гарады знаходзяцца каля грады ўзвышшаў, адкуль відаць усё навокал. Акрамя таго, тут шмат водных перашкод — рэчак, азёраў, якія ўскладняюць штурм і дапамагаюць абароне.

Што будзе далей з гэтымі гарадамі — пытаньне літаральна вісіць у паветры. Мясцовыя жыхары па-рознаму выказваюцца пра свае палітычныя погляды, але знайсьці чалавека, які не сочыць за перамовамі, цяжка.

Краматорск. Кадр з відэа
Краматорск. Кадр з відэа

«Нічога. Не дамовяцца».

«Быдла той Пуцін, быдла… Колькі яму трэба, Госпадзі. Зраўноўвае ўсё з зямлёй. Для іх жа нічога сьвятога няма».

«Яны схіляюць нас да таго, што мы павінны кудысьці дзецца ці пераехаць. Я думаю, нас аддадуць. У нас безвыходнае становішча цяпер. Я выеду. У любым выпадку выеду. Але жыць пад расейскім сьцягам не хачу. Я ведаю, што тут будзе пустэча».

«Гэта поўны маразм. Гэта тое ж самае, што я прыйшоў да вас, мне ваша кватэра спадабалася, выходзьце. Правільна. Гэта дэбілізм у XXI стагоддзі».

— Вось калі скажуць, дапусьцім… вайна сканчваецца, але Краматорск — расейскі. Тут мір, але рускі сьцяг.

— Я нават ня ведаю, як вам сказаць, але абы толькі вайны не было. Вайна яна ўжо вось тут, усім.

«Я ў любым выпадку застануся, будзе гэта Расея ці Ўкраіна. Таму што гэта мой горад. Я тут нарадзілася, вучылася».

«Многія спадзяюцца, што, а раптам, можа дамовяцца, можа нас абміне».

— Я думаю, што большая частка насельніцтва, пры ўсёй павазе да сытуацыі, усе проста хочуць спыніць, як ёсьць. Проста спыніць.

— Па цяперашняй лініі?

— Хаця б так. Я спадзяюся, што неяк знойдуць рашэньне, хаця б якое. Таму што, на жаль, другі бок не праяўляе гнуткасьці ні ў чым.

Украінскія вайскоўцы больш катэгарычныя. Кажуць, што пакуль праціўнік не паказвае жаданьня спыняцца, а адміністратыўная мяжа Данецкай вобласьці — дрэнны рубеж абароны.

Славянск — гэта апошні горад у Данецкай вобласьці. Ад закінутай і зьнішчанай вайной аўтавакзальнай станцыі на ўскраіне Славянска да Ізюма, які знаходзіцца ўжо ў суседняй Харкаўскай вобласьці, ідзе прамая дарога. Па гэтай дарозе няма ніводнага адносна жывога населенага пункта, вакол якога можна было б арганізаваць абарону. Усе гэтыя населеныя пункты былі зьнішчаныя яшчэ ў 2022 годзе падчас баёў за Ізюм. Ад гэтай аўтастанцыі да Ізюма па ідэальнай дарозе каля 40 хвілін язды.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG