У эфіры «ПіКа Свабоды» абмяркоўваем найважнейшыя падзеі тыдня з гісторыкам і палітолягам Розай Турарбекавай і прадстаўніком аб’яднаньня былых сілавікоў BelPol Уладзімерам Жыгарам.
Глядзець размову на відэа цалкам
Тут фрагмэнт гутаркі
— Які беларускі кантэкст можа зьявіцца ў выпадку пасьпяховых, непасьпяховых перамоваў ці іх працягненьня ўжо з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім?
— Пакуль яшчэ цяжка казаць, якія будуць вынікі гэтага раўнду перамоваў, таму што на самой справе ад яго мала чаго чакаецца. Пытаньне ў тым, ці зможа гэты раўнд вывесьці перамовы з тупіку, таму што да гэтага часу яны былі відавочна безвыніковымі. Гэта спроба выцягнуць іх з тупіка. Таму па выніках гэтай сустрэчы стане зразумела, ці выходзяць перамовы з тупіка. Як будуць арганізаваныя і адбывацца наступныя раўнды, ужо пакажа, што яны могуць прынесьці Беларусі і якія сцэнары могуць быць у гэтай сувязі.
— Напярэдадні гэтай сустрэчы былы віцэ-прэм’ер Беларусі Міхаіл Русы назваў Аляску расейскай зямлёй, калі камэнтаваў перамовы Трампа і Пуціна ў праграме Марата Маркава: «Гэта месца, вызначанае самім Богам, бо якраз там адбываецца вялікае рэлігійнае сьвята праваслаўнай царквы, у Анкорыджы захаваліся нашы праваслаўныя традыцыі. Я думаю, што сымбалічна, што на гэтай, расейскай, зямлі будзе прынята рашэньне, якое дазволіць зрабіць крок да міру». Калі адкінуць прапагандысцкую лірыку, то чаго чакаюць улады Беларусі ад гэтай сустрэчы?
— Думаю, яны хочуць быць карыснымі ў перамовах і спадзяюцца на альбо часткова аўтаномны, альбо цалкам самастойны трэк перамоў. Лукашэнка ня хоча быць «на стале» — ён хоча быць «за сталом». З майго пункту гледжаньня, устойлівы мір ва Ўкраіне немагчыма дасягнуць без вырашэньня пытаньня бясьпекі з боку беларускай мяжы. Таму, калі пачнуцца шырокамаштабныя перамовы пра ўстойлівы мір без уліку гэтага пытаньня, іх нельга будзе лічыць поўнымі. Так ці інакш, Беларусь будзе інтэграваная ў перамоўны працэс — пытаньне толькі ў якім статусе: як аб’ект ці як суб’ект? Ці будзе за Беларусь гаварыць Пуцін?
— Чаго чакаюць дэмакратычныя сілы Беларусі ад гэтых перамоваў?
— Ёсьць прапановы, агучаныя на канфэрэнцыі «Новая Беларусь», пра арганізацыю міжнароднага круглага стала і мэты нацыянальнага дыялёгу ў будучыні. Магчыма, гэта падштурхне дэмакратычныя сілы да зьмены стратэгіі і напаміну пра сябе, каб такія перамовы не адбываліся без уліку іх інтарэсаў. Але галоўная тэма перамоваў будзе Украіна, а не Беларусь.
— Што можна чакаць беларусам унутры краіны і за мяжой?
— Пакуль нічога канкрэтнага чакаць не трэба. Спачатку трэба ўбачыць, ці будуць перамовы разблякаваныя. Калі будзе дасягнутае перамір’е і спыненьне агню, рызыка ўцягваньня Беларусі ў вайну паменшыцца. Гэта мінімум, які можна чакаць.
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.
Форум