Трамп вылецеў на Аляску на сустрэчу з Пуціным

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп на борце самалёта Air Force One, які ляціць на Аляску на сустрэчу з прэзыдэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным для перамоваў аб спыненьні вайны ва Ўкраіне. 15 жніўня 2025 году

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп вылецеў на Аляску з авіябазы Эндрус пад Вашынгтонам на перамовы з Уладзімірам Пуціным.

У склад дэлегацыі ўваходзяць тры міністры, яны знаходзяцца на борце прэзыдэнцкага самалёта.

У перамовах з Расеяй возьмуць удзел дзяржаўны сакратар Марка Рубіё, міністар фінансаў Скот Бэсэнт, міністар гандлю Говард Лутнік.

Перамоўшчыкаў на борце суправаджаюць дырэктар ЦРУ Джон Рэткліф, спэцпасланьнік прэзыдэнта Стыў Уіткаф і іншыя члены яго каманды.

Перад вылетам Трамп напісаў у сацыяльнай сетцы Truth паведамленьне: «СТАЎКІ ВЫСОКІЯ». Інфармацыйныя агенцтвы перадаюць ягоныя заявы, зробленыя на борце прэзыдэнцкага самалёта.

Ён заявіў, што сустрэча з Пуціным можа мець «сур’ёзныя наступствы». Паводле ягоных слоў, ён абмяркуе з ім тэрытарыяльныя пытаньні, зьвязаныя з вайной, але канчатковае рашэньне па іх будзе прымаць Украіна.

Трамп прыбудзе на Аляску прыблізна за гадзіну да пачатку саміту, вынікае з раскладу мерапрыемства. Ён плянуе асабіста сустрэць Пуціна, паведаміў губэрнатар Аляскі Майк Данліві.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 5 фактаў, якія трэба ведаць перад самітам Трампа і Пуціна

З расейскага боку, акрамя Пуціна, на Аляску прыбудуць міністар замежных спраў Сяргей Лаўроў, памочнік прэзыдэнта Юрый Ушакоў, міністар абароны Андрэй Белавусаў, міністар фінансаў Антон Сілуанаў і спэцыяльны прадстаўнік прэзыдэнта Расеі Кірыл Дзьмітрыеў.

Аналітыкі Амэрыканскага інстытута вывучэньня вайны (ISW) лічаць, што ўключэньне Масквой Сілуанава і Дзьмітрыева ў склад дэлегацыі сьведчыць аб тым, што Расея, верагодна, паспрабуе пераключыць увагу саміту з вайны ва Ўкраіне на патэнцыйныя двухбаковыя эканамічныя пагадненьні.

Саміт Трампа і Пуціна ў найбуйнейшым горадзе Аляскі Анкорыджы стане першай сустрэчай паміж расейскім лідэрам і дзеючым прэзыдэнтам ЗША з 2021 года. Чакаецца, што саміт пачнецца, а 11:00 па мясцовым часе (22:00 па менскім часе) і адбудзецца на ваеннай базе Эльмендорф-Рычардсан.

Ад Клінтана да Трампа: саміт на Алясцы стане 49-й сустрэчай Пуціна з прэзыдэнтам ЗША