Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі ва ўнівэрсытэты паступілі 45,5 тысяч чалавек, дадатковы набор абвяшчалі ў тры ВНУ


Полацкі ўнівэрсытэт, архіўнае фота
Полацкі ўнівэрсытэт, архіўнае фота

З гэтай лічбы на бюджэтнае навучаньне паступілі больш за 30,5 тысяч абітурыентаў.

Сёлета павышэньня аплаты за навучаньне ва ўнівэрсытэтах не плянуюць. Акрамя таго, у лістападзе будзе дадатковы набор людзей у сельскагаспадарчыя вну. Там кіраўніцтва Міністэрства адукацыі і вну спадзяюцца залічыць каля 2,4 тысяч чалавек на завочнай форме навучаньня.

Начальнік галоўнага ўпраўленьня прафэсійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей Пішчоў адзначыў, што сёлета аб’явілі дадатковы набор толькі ў трох унівэрсытэтах — Віцебскай дзяржаўнай акадэміі вэтэрынарнай мэдыцыны, Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі ў Горках і Беларускім дзяржаўным універсітэце транспарту ў Гомлі.

Аляксандар Бахановіч, першы намесьнік міністра адукацыі, падкрэсьліў, што амаль кожны пяты бюджэтнік — мэтавік. Плян прыёму ў гэтую ўступную кампанію выканалі амаль на 100%.

Кожны чацьвёрты з тых, хто паступіў, будзе вучыцца на інжынэрных спэцыяльнасьцях. У Беларускім нацыянальным тэхнічным унівэрсытэце на некалькі дзесяткаў падрасьлі прахадныя балы на спэцыяльнасьці, зьвязаныя з мэтралёгіяй, будаўніцтвам, энэргетыкай.

Кожны дзесяты абітурыент паступіў на спэцыяльнасьці ў сельскай гаспадарцы, мэдыцыне і на пэдагагічныя факультэты. На пэдагагічныя спэцыяльнасьці адбыўся рэкордны набор — каля 4 тыс. чалавек. А каля 3 тысяч паступілі на сельскагаспадарчыя.

У 21 унівэрсытэт залічылі больш як 500 пераможцаў унівэрсытэцкіх алімпіядаў. Гэтая лічба сёлета вышэй на 30% у параўнаньні зь леташнім пэрыядам.

Сёлета Міністэрства адукацыі змагалася супраць чэргаў і тлумаў у калідорах, таму ўвяло электронную чаргу. Новую паслугу гэтым летам ужо выкарысталі каля 15 тысяч абітурыентаў.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG