У новым навучальным годзе ў школах Беларусі забароняць мабільныя тэлефоны

Ілюстрацыйнае фота.

У 2025/2026 навучальным годзе ў Беларусі адкрыецца сем новых устаноў адукацыі, паведаміла на прэсавай канфэрэнцыі 15 жніўня ў Менску намесьніца начальніка галоўнага ўпраўленьня агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына Каржова.

Паводле яе слоў, у верасьні пачне працаваць больш за 2.600 устаноў агульнай і сярэдняй адукацыі, дзе будзе навучацца каля 1 млн 50 тыс. вучняў, у тым ліку 90 тыс. першаклясьнікаў. Варта адзначыць, што летась за парты села на 20 тыс. больш вучняў сярэдніх школ.

З 1 верасьня на заканадаўчым узроўні замацавана, што навучэнцы павінны быць у адзеньні дзелавога стылю, за выключэньнем заняткаў па фізычнай культуры і працы, адзначыла Каржова.

Паводле слоў чыноўніцы, павялічваецца колькасьць урокаў фізкультуры.

«Сёньня мы шмат кажам пра здаровы лад жыцьця вучняў, а здаровы лад жыцьця — гэта рухальная актыўнасьць, — сказала яна. — Раней у нас было два ўрокі фізычнай культуры, а таксама рэкамэндавана правядзеньне гадзіны здароўя і спорту. Узьнікалі пытаньні, абавязкова гэта ці не, як праводзіць — у рамках асноўнага раскладу або ў рамках раскладу факультатыўных заняткаў. Сёньня, разумеючы ролю рухальнай актыўнасьці навучэнцаў, у гэтых спрэчных пытаньнях таксама пастаўленая кропка — [будзе] тры ўрокі фізкультуры ў асноўным раскладзе навучальных заняткаў».

Вучні 11 клясы працягнуць вывучаць новы навучальны прадмет — «Гісторыя Беларусі ў кантэксьце сусьветнай гісторыі» (у 2024/2025 годзе яго вывучалі дзесяціклясьнікі). Такім чынам, у выпускнікоў 2025/2026 года будзе магчымасьць выбраць цэнтралізаваны іспыт не па гісторыі Беларусі і сусьветнай гісторыі, а па гісторыі Беларусі ў кантэксьце сусьветнай гісторыі.

З 1 верасьня школа, паводле слоў Каржовай, будзе «тэрыторыяй без мабільных тэлефонаў», для гэтага «праведзеныя ўсе неабходныя падрыхтоўчыя мерапрыемствы».

«У нас быў цэлы 2024/2025 навучальны год, каб ва ўстановах адукацыі вызначыць месцы захоўваньня мабільных тэлефонаў, вызначыць адказных па захоўванні мабільных тэлефонаў, а таксама правесці неабходную тлумачальную працу з бацькамі і навучэнцамі, — адзначыла спікер. — Навошта абмяжоўваць выкарыстанне мабільных тэлефонаў? Ужо цягам шэрагу гадоў мы абмяжоўваем выкарыстанне мабільнага тэлефона на навучальных занятках, але разам з тым дзеці імі карысталіся на перапынках».

На думку Каржовай, гэта «не садзейнічала рухальнай актыўнасці» дзяцей і зносінам з аднагодкамі.

Чыноўніца таксама нагадала, што непаўналетнія грамадзяне, якія пражываюць на тэрыторыі Беларусі, будуць абавязаныя навучацца ў беларускіх установах адукацыі.

«Да выхаду са школы мы павінны атрымаць ня проста выпускніка, мы павінны атрымаць у грамадзяніна Рэспублікі Беларусь — сацыяльна пісьменную асобу, — заявіла яна. — Дзеці, атрымліваючы веды па прадметах, яшчэ вучацца мець зносіны, праходзяць сацыялізацыю. Яны павінны навучыцца радавацца за дасягненьні аднагодкаў. Яны павінны навучыцца выходзіць са складаных сытуацый. Скажыце, калі ласка, якая дыстанцыйная адукацыя дазволіць даць гэтыя навыкі?»

«Зноў жа, калі гаворка ідзе пра дыстанцыйнае навучаньне паводле замежных праграм, нават расейскіх праграм, дзе гісторыя Беларусі? Дзе геаграфія Беларусі? Беларуская мова? Беларуская літаратура? Які ж грамадзянін Рэспублікі Беларусь бяз ведаў па гэтых прадметах? Таму з 1 верасьня ў гэтым пытаньні таксама на заканадаўчым узроўні пастаўленая кропка. Пражываеш на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь — навучаесься на падставе законаў Рэспублікі Беларусь. У нас дыстанцыйнае навучаньне не прадугледжанае», — падсумавала Каржова.

  • Чыноўніца не акцэнтавала ўвагу адносна на навучаньні на беларускайц мове. Тым часам, паводле даных Нацыянальнага статыстычнага камітэту, колькасьць школьнікаў, якія навучаюцца на беларускай мове, скарацілася з 135 523 у 2014 годзе да 88 885 у 2024 годзе. Адначасова колькасьць навучэнцаў на расейскай мове вырасла на 22,6% і дасягнула 991 274 чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад 1 верасьня беларусаў абавязалі вучыць дзяцей на радзіме. Міністэрства адукацыі патлумачыла, ці тычыцца гэта тых, хто жыве за мяжой
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародны саюз беларускіх пісьменьнікаў: у першай палове 2025 году русыфікацыйныя працэсы ў Беларусі ўзмацніліся