Зь якімі прэзыдэнтамі ЗША Лукашэнка сустракаўся раней

Аляксандар Лукашэнка з прэзыдэнтам ЗША Білам Клінтанам (спраа) і першай лэдзі Гілары Клінтан, Нью-Ёрк, 1995 год.

За 31 год кіраваньня Беларусьсю магчымая сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з 47-м прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам можа аказацца чацьвёртай асабістай сустрэчай Лукашэнкі зь лідэрамі ЗША.

У 1995 годзе падчас удзелу ў Генэральнай асамблеі ААН у Нью-Ёрку кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка меў кароткую размову з 42-м прэзыдэнтам ЗША Білам Клінтанам.

Увосень 1999 году ў Стамбуле праходзіў саміт кіраўнікоў краінаў АБСЭ. Падчас перапынку ў пасяджэньнях Лукашэнка разам са сваім атачэньне заступіў дарогу 42-му прэзыдэнту ЗША Білу Клінтану і прывітаўся зь ім. Паводле старшыні Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га скліканьня Станіслава Шушкевіча, які таксама прысутнічаў на саміце ў Стамбуле, размовы тады не атрымалася. Толькі прывітаньне.

У верасьні 2015 году ў Нью-Ёрку на прыёме ў 44-га прэзыдэнта ЗША Барака Абамы таксама падчас Генэральнай асамблеі ААН Лукашэнка разам з сынам Мікалаем сфатаграфаваўся з прэзыдэнцкай сям’ёй.

Аляксандар Лукашэнка, яго сын Мікалай і прэзыдэнт ЗША Барак Абама з жонкай Мішэль на прыёме ў гонар кіраўнікоў дэлегацый на 70-й сэсіі Генэральнай асамблеі ААН, 28 верасьня 2015 году.

Сьпіс іншых беларускіх дзеячоў, якія сустракаліся з прэзыдэнтамі ЗША, выглядае наступным чынам:

Станіслаў Шушкевіч:

  • Ліпень 1993 — афіцыйны візыт у ЗША, аўдыенцыя ў Біла Клінтана і падпісаньне Сумеснай дэклярацыі аб адносінах паміж ЗША і Беларусьсю. Размова пра падтрымку незалежнасьці, эканамічныя рэформы, дапамогу пасьля Чарнобылю, супрацоўніцтва ў навуцы і культуры.
  • Студзень 1994 году — афіцыйны візыт Біла Клінтана ў Менск.

Зянон Пазьняк:

  • Студзень 1994 году — сустрэча зь Білам Клінтанам падчас яго візыту ў Беларусь.

Аляксандар Мілінкевіч, Ірына Красоўская, Вольга Казуліна:

  • Чэрвень 2007 году — сустрэча ў Празе з 43-м прэзыдэнтам ЗША Джорджам Бушам-малодшым на канфэрэнцыі «Дэмакратыя і бясьпека». Абмяркоўвалі неабходнасьць ціску на аўтарытарныя рэжымы, пытаньні палітвязьняў (асабліва Казуліна).

Аляксандар Мілінкевіч, Анатоль Лябедзька, Павал Севярынец, Сяргей Калякін, Анатоль Ляўковіч, Зьміцер Хведарук, Эніра Браніцкая:

  • Сьнежань 2007 году — сустрэча ў Вашынгтоне з Джорджам Бушам. Размовы пра каардынацыю дзеяньняў ЗША і ЭЗ у адносінах да Беларусі, расейскі фактар, падтрымку незалежных СМІ, вызваленьне палітвязьняў (асабліва Казуліна).

Аляксандар Казулін:

  • Верасень 2008 году — прыём у Нью-Ёрку ў Лоры і Джорджа Бушаў пасьля вызваленьня з турмы. Размова пра сытуацыю ў Беларусі і асабістую падтрымку.

Вольга Казуліна, Аляксандар Класкоўскі:

  • Сьнежань 2008, Вашынгтон — сустрэча з Джорджам Бушам у фармаце круглага стала зь міжнароднымі блогерамі. Размовы пра палітыку ЗША адносна Беларусі, ролю санкцыяў у вызваленьні палітвязьняў.

Сьвятлана Ціханоўская:

  • Ліпень 2021, Вашынгтон — сустрэча з 46-м прэзыдэнтам ЗША Джо Байдэнам у Белым доме. Размова пра неабходнасьць міжнароднага ціску на рэжым Лукашэнкі, вызваленьне палітвязьняў, падтрымку грамадзянскай супольнасьці Беларусі. Байдэн пацьвердзіў, што сустрэча зь Ціханоўскай была ягоная ініцыятывай.
  • Ліпень 2023 году — падчас саміту NATO ў Вільні пасьля сустрэчы з прэзыдэнтам ЗША Джо Байдэнам Ціханоўская адзначыла: «Беларусы могуць разьлічваць на падтрымку ЗША».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто зь дзеячоў незалежнай Беларусі сустракаўся з прэзыдэнтамі ЗША і пра што размаўлялі

Кантакты афіцыйнага Менску з ЗША

Паводле беларускага МЗС афіцыйныя кантакты Менску з уладамі ЗША падчас знаходжаньня Лукашнкі пры ўладзе, апрача яго сустрэчаў зь лідэрамі ЗША, выглядаюць наступным чынам:

  • 1995, 2000, 2005, 2015 — паездкі Лукашэнкі ў ЗША (ААН).
  • 2017 — візыт дэлегацыі Кангрэсу ЗША ў Менск.
    2019 — візыт дарадцы Трампа Джона Болтана; кансультацыі ў Варшаве.
  • 2020 — візыт дзяржсакратара ЗША Майка Пампэа ў Менск.

Раней сёньня стала вядома, што 15 жніўня адбылася тэлефонная размова паміж прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам і кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. Трамп пасьля размовы напісаў, што мова ішла аб вызваленьні 1300 палітвязьняў Беларусі. Афіцыйныя беларускія крыніцы паведамілі, што Лукашэнка запрасіў Трампа зь сям'ёй наведаць Беларусь, і што запрашэньне было прынятае.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская пра размову Трампа з Лукашэнкам: «Цяпер мы чакаем, што рэжым Лукашэнкі цалкам спыніць рэпрэсіі»


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп заявіў, што пагутарыў з Лукашэнкам па тэлефоне і абмеркаваў вызваленьне 1300 вязьняў