5 фактаў, якія трэба ведаць перад самітам Трампа і Пуціна

Каляж

Прэзыдэнты ЗША і Расеі Дональд Трамп і Уладзімір Пуцін сустрэнуцца тварам у твар упершыню за шэсьць гадоў. Саміт пройдзе ў горадзе Анкорыдж на Алясцы ў пятніцу, 15 жніўня.

Што варта ведаць пра гэтую сустрэчу, піша карэспандэнт Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Рэйд Стандзіш.

Чаго хоча Пуцін?

Многія аналітыкі лічаць, што сама сустрэча з Трампам ужо зьяўляецца перамогай для Пуціна, які імкнецца пакласьці канец сваёй міжнароднай ізаляцыі. Іншымі словамі, для яго гэта ў першую чаргу магчымасьць зрабіць прыгожыя здымкі.

«Ніводзін буйны заходні лідэр не сустракаўся з [Пуціным] пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну. А цяпер ён атрымлівае саміт з прэзыдэнтам ЗША — без усялякіх саступак з яго боку», — лічыць Яна Кобзава, якая была дарадцай па зьнешняй палітыцы былой прэзыдэнткі Славакіі Зузаны Чапутавай.

Акрамя гэтага, мэты Пуціна застаюцца ў асноўным нязьменнымі ад пачатку вайны.

«Крэмль адчувае, што цяпер мае перавагу на полі бою, таму, калі яму не ўдасца выбіць саступкі дыпляматычным шляхам, ён проста будзе працягваць наступаць», — адзначыла Кобзава.

Таму чакаецца, што Пуцін будзе супраціўляцца любым спробам прымусіць яго да перамір’я.

Чаго хоча Трамп?

Трамп заявіў, што хоча выкарыстаць саміт, каб «падрыхтаваць глебу» для наступнай сустрэчы, у якой возьме ўдзел і прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

«Я думаю, што гэта будзе добрая сустрэча, але больш важнай будзе другая. Мы зьбіраемся сустрэцца з прэзыдэнтам Пуціным, прэзыдэнтам Зяленскім, са мной, і, магчыма, мы далучым некаторых эўрапейскіх лідараў, а можа і не», — сказаў Трамп 14 жніўня.

Ён таксама падкрэсьліў, што хоча дамагчыся хуткага перамір’я як першага кроку да трывалага ўрэгуляваньня. Але некаторыя аналітыкі мяркуюць, што Пуцін паспрабуе зблытаць сытуацыю, прапаноўваючы іншыя «прызавыя» дамоўленасьці.

Джым О’Браян, які займаў пасаду памочніка дзяржсакратара ЗША па эўрапейскіх і эўразійскіх справах у адміністрацыі Байдэна, лічыць, што Пуцін можа прапанаваць Трампу фінансавыя стымулы замест канкрэтных дамоўленасьцяў аб перамір’і.

«Могуць узьнікнуць двухбаковыя дамоўленасьці, асабліва ў сфэры камэрцыйных угод, якія прынясуць выгаду некаторым амэрыканскім кампаніям», — адзначыў ён.

Што з Зяленскім?

Уладзімір Зяленскі хоча быць за сталом перамоў. Прэзыдэнт Украіны відавочна выключаны з гэтых перамоў і папярэджвае, што рашэньні, прынятыя без яго ўдзелу, будуць бессэнсоўнымі.

Тэма тэрытарыяльных саступак — тое, супраць чаго Зяленскі катэгарычна выступае. Трамп сказаў перад самітам, што не будзе прымушаць Кіеў здаваць тэрыторыю, аднак яго намёкі, што Пуцін і Зяленскі могуць «падзяліць усё паміж сабой», выклікаюць трывогу ў Кіеве.

Такія патрабаваньні не толькі цяжка прыняць самому Зяленскаму, але і амаль немагчыма будзе прадставіць украінскаму грамадзтву.

Ён будзе спадзявацца, што Трамп і Пуцін не дамовяцца пра тое, што яму непрымальна, каб не стварылася ўражаньне ў Белым доме, што менавіта ён зьяўляецца перашкодай для міру.

Якая сытуацыя на полі бою?

Расея цяпер кантралюе каля адной пятай тэрыторыі Ўкраіны — прыблізна 114,5 тыс. кв. км.

Лінія фронту працягваецца на 1000 км праз вобласьці Харкаўскую, Луганскую, Данецкую, Запароскую і Херсонскую.

Абодва бакі працягваюць несьці вялікія страты, але на пачатку гэтага месяца Расея дасягнула істотных посьпехаў ва ўсходняй Украіне, прасунуўшыся прыкладна на 10 км і канцэнтруючы сілы вакол Тарэцка і Пакроўска.

Гэта ўвасабляе стратэгію Расіі, якую вайсковыя аналітыкі апісваюць як «абмен вялікіх страт на полі бою на невялікія, але пастаянныя прасоўваньні».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Алясцы прайшоў мітынг у падтрымку Ўкраіны напярэдадні сустрэчы Трампа і Пуціна. Фотагалерэя

Што будзе далей?

Трамп намякнуў, што другая, трохбаковая сустрэча можа адбыцца даволі хутка — і таксама, магчыма, на Алясцы.

Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіё 14 жніўня распавёў пра ўмовы, неабходныя для дасягненьня трывалага міру.

«Я думаю, усе разумеюць, што трэба будзе гаварыць пра гарантыі бясьпекі. Трэба будзе весьці размову і пра тэрытарыяльныя спрэчкі, і пра тое, за што яны змагаюцца», — сказаў Рубіё.

Расея ж будзе працягваць настойваць, што неабходна ліквідаваць «корань канфлікту» — гэта крамлёўскі эўфэмізм, які азначае канец надзеям Украіны на ўступленьне ў НАТА і фактычнае раззбраеньне яе арміі.

Мэты кожнага боку супярэчаць «чырвоным лініям» іншага. Таму міру ня варта чакаць хутка і гэта ня будзе лёгка.

Ад Клінтана да Трампа: саміт на Алясцы стане 49-й сустрэчай Пуціна з прэзыдэнтам ЗША