ЗША ўвялі санкцыі супраць расейскай крыптавалютнай біржы

Будынак амэрыканскага Мінфіна

Дзярждэпартамэнт і Мінфін ЗША аб'явілі ў чацьвер аб санкцыях супраць расейскай крыптавалютнай біржы Garantex і яе кіраўнікоў.

Амэрыканскія ўлады таксама прызначылі ўзнагароду агульнай сумай у 6 мільёнаў даляраў за інфармацыю, якая прывядзе да арышту ўнесеных у «чорны сьпіс» фізычных асоб.

У сумеснай заяве амэрыканскіх ведамстваў, на якую спасылаецца Reuters, гаворыцца, што Garantex, як мяркуецца, выкарыстоўваецца кібэрзлачынцамі для адмываньня грошай. Згодна з заявай, у пэрыяд з красавіка 2019 года па сакавік 2025-га біржа апрацавала крыптавалютныя транзакцыі на суму ня меншую за 96 мільярдаў даляраў.

Выданьне РБК у паведамленьні аб санкцыях піша, што абмежаваньні ўводзяцца супраць шэрагу расейскіх крыптакампаній, падазраваных у адмываньні сродкаў і сувязях з Garantex, якая ўжо знаходзіцца пад санкцыямі.

Пад абмежаваньні патрапіла, у прыватнасьці, кампанія Exved, якую амэрыканскі Мінфін называе фінансавай плятформай, зьвязанай з прадпрымальнікам Сяргеем Мендзялеевым. У паведамленьнях ён пазначаны як сузаснавальнік Garantex.

Акрамя таго, у санкцыйны сьпіс 14 жніўня дададзеная плятформа INDEFI. Вашынгтон характарызуе яе як расейскую крыптафінансавую структуру, таксама зьвязаную з Мендзялеевым, піша РБК.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Белстат расказаў, што больш за ўсё падаражэла ў ліпені