Трамп ацаніў верагоднасьць пагадненьня з Пуціным па Украіне

Дональд Трамп

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп мяркуе, што прэзыдэнт Расеі Уладзімір Пуцін, з якім ён у пятніцу, 15 жніўня, плянуе сустрэцца на Алясцы, у выніку пойдзе на пагадненьне па Украіне.

«Пагроза ўзмацненьня санкцый супраць Масквы магла паўплываць на тое, што расейскія ўлады ініцыявалі гэтую сустрэчу», — заявіў Трамп у чацьвер у інтэрвію Fox News Radio.

Трамп таксама паведаміў, што саміт у пятніцу стане падрыхтоўкай да другіх такіх перамоваў, каб заключыць пагадненьне. Адначасова кіраўнік Белага дому адзначыў, што патэлефануе для арганізацыі другой сустрэчы прэзыдэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму, і што ў яго ёсьць тры магчымыя месцы для будучай сустрэчы з Пуціным і Зяленскім.
Трамп дадаў, што калі палічыць пятнічны саміт плённым, то пазьней патэлефануе Зяленскаму і эўрапейскім лідарам. Верагоднасьць таго, што перамовы з Пуціным скончацца няўдачай, ён ацаніў у 25%.

Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіё заявіў у чацьвер журналістам, што Дональд Трамп правядзе перамовы з Уладзімірам Пуціным у пятніцу ў надзеі дамагчыся спыненьня баявых дзеянняў ва Украіне, але для поўнага ўрэгуляваньня канфлікту спатрэбіцца больш часу.

«Для дасягненьня міру, думаю, мы ўсе гэта прызнаём, неабходна абмеркаваць гарантыі бясьпекі, неабходна закрануць тэрытарыяльныя спрэчкі і прэтэнзіі», — адзначыў Марка Рубіё.

Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў заявіў у чацьвер, што было б памылкай спрабаваць забягаць наперад і прадказваць вынікі. Падпісаньне якіх-небудзь дакумэнтаў па выніках расейска-амэрыканскага саміту на Алясцы не плянуецца.

«Не чакаецца, нічога не рыхтавалася, і наўрад ці тут можа быць нейкі дакумэнт», — сказаў Пяскоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна і Расея правялі ў Беларусі чарговы абмен ваеннапалоннымі