Украіна і Расея правялі ў Беларусі чарговы абмен ваеннапалоннымі

Вызваленыя 14 жніўня ўкраінскія вайскоўцы

Бакі пацьвердзілі абмен 84 вайскоўцамі.

У Міністэрстве абароны Расеі і ў Каардынацыйным штабе Ўкраіны ў пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі паведамілі аб правядзеньні чарговага абмену.

Як вынікае з афіцыйных паведамленьняў, бакі перадалі адзін аднаму па 84 ваеннапалонных.

«Цяпер расейскія вайскоўцы знаходзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, дзе ім надаюць неабходную псыхалягічную і мэдычную дапамогу», — адзначылі ў Мінабароны Расеі.

Украінскі бок паведаміў, што сярод вызваленых 33 вайскоўцы і 51 цывільны ўкраінец.

«Амаль усім ім патрэбная мэдычная дапамога, значная рэабілітацыя. Сярод вызваленых сёньня цывільных ёсьць і тыя, каго ўтрымлівалі расейцы яшчэ з 2014, 2016 і 2017 гадоў. Сярод вызваленых сёньня вайскоўцаў – абаронцы Марыюпалю», – паведаміў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.

Пасярэднікам у абмене выступілі Аб'яднаныя Арабскія Эміраты.

2 чэрвеня на перамовах у Стамбуле бакі дамовіліся пра абмены палоннымі і целамі загінулых. Расейскі бок заяўляў, што ў аднабаковым парадку перадасьць шэсьць тысяч целаў украінскіх вайскоўцаў.

Пазьней украінскі бок заявіў, што Расея перадае Ўкраіне і «целы расейскіх вайскоўцаў — зьмешаныя зь целамі ўкраінцаў». Украінцы апублікавалі шэраг доказаў гэтаму, у тым ліку вайсковыя дакумэнты загінулых. У Расеі гэтую заяву пакуль не камэнтавалі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна і Расея ў Стамбуле дамовіліся працягнуць абмен палоннымі і абмеркавалі вяртаньне цывільных жыхароў