Дасьледнікі вывучылі расейскую актыўнасьць на палігоне на архіпэлягу Новая Зямля.
Як паведаміла агенцтва Reuters з спасылкай на двух амэрыканскіх дасьледнікаў і крыніцу ў заходняй выведцы, Расея, мова ідзе аб выпрабаваньні міжкантынэнтальнай ракеты «Буравесьнік» зь ядзернай сілавой устаноўкай.
Джэфры Льюіс з Каліфарнійскага інстытуту міжнародных дасьледаваньняў і Дэкэр Эвэлет з дасьледчай арганізацыі CNA ў Вірджыніі незалежна адзін ад аднаго вывучылі спадарожнікавыя здымкі Planet Labs пасьля таго, як Расея 6 жніўня папярэдзіла маракоў і пілётаў цывільнай авіяцыі аб забароне знаходзіцца ў раёне архіпэлягу Новая Зямля з 9 да 12 жніўня.
Дасьледнікі заўважылі актыўнасьць на палігоне Панькава на архіпэлягу Новая зямля. У прыватнасьці, паводле іх інфармацыі, туды з канца ліпеня пачаў прыбываць пэрсанал, зьявіліся грузавыя кантэйнэры і абсталяваньне.
«Мы бачым актыўнасьць на палігоне, якая ўключае як вялікія аб’ёмы паставак для падтрыманьня апэрацый, так і перамяшчэньня ў месцы фактычнага запуску ракеты», — сказаў Льюіс.
Апроч таго, на вайсковым аэрадроме Рагачова на тым жа архіпэлягу знаходзяцца два самалёты кампаніі «Росатом» для збору зьвестак аб выпрабаваньнях і ня менш за 5 караблёў, зьвязаных з папярэднімі выпрабаваньнямі «Буравесьніка». Чакаюць яшчэ і шосты карабель. Паводле інфармацыі Barents Observer, чатыры зь іх, што стаялі на якары ў заліве недалёка ад палігону Панькава, накіраваліся ў пункты назіраньня і падтрымкі, што знаходзяцца на поўнач ад Мурманскага заліву.
Высновы дасьледнікаў пацьвердзіла крыніца Reuters у заходняй службе бясьпекі. Падрыхтоўка да выпрабаваньняў была заплянаваная яшчэ да таго, як стала вядома аб сустрэчы Трампа і Пуціна на Алясцы. Распрацоўка ракеты набыла для Масквы асаблівае значэньне пасьля таго, як у студзені 2025 году Трамп абвясьціў аб стварэньні амэрыканскай сыстэмы супрацьпаветранай абароны «Залаты купал».
У кастрычніку 2023 году Пуцін заявіў аб «пасьпяховым выпрабаваньні» ракеты «Буравесьнік». «Мы практычна завяршылі працу над сучаснымі відамі стратэгічнай зброі, пра якія я гаварыў і якія анансаваў яшчэ некалькі гадоў таму. Правялі апошняе пасьпяховае выпрабаваньне «Буравесьніка», — сказаў тады Пуцін.
З выпрабаваньнем ракеты «Буравесьнік» зьвязвалі выбух у 2019 годзе на палігоне побач зь вёскай Нёнакса пад Северадзьвінскам у Архангельскай вобласьці, калі загінулі сама меней пяць чалавек. У кампаніі «Росатом» сьцьвярджалі, што на палігоне выбухнула ракета, у рухавіку якой выкарыстоўваўся радыеактыўная ізатопная крыніца сілкаваньня. Прадстаўнікі Расеі не ўдакладнялі назву ракеты. Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп казаў, што гэта «Буравесьнік». Уладзімір Пуцін упершыню згадаў «Буравесьнік» у сакавіку 2018 году. Ён сьцьвярджаў, што радыюс дзеяньня ракеты неабмежаваны, а траекторыя палёту можа быць «непрадказальнай», што робіць ракету «недасягальнай» для сыстэм супрацьракетнай і супрацьпаветранай абароны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея прыгразіла разьмясьціць у Эўропе ракеты сярэдняй і малой далёкасьці